СЯЛЯ́НСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л (Сялінтэрн), Міжнародны сялянскі савет (МСС),

міжнародная сялянская рэв. арг-цыя ў 1923—33; створана на кангрэсе прадстаўнікоў сял. арг.-цый СССР, Польшчы, Германіі, Францыі, Чэхаславакіі, Балгарыі, ЗША, Мексікі, Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Індакітая, Японіі і інш., які адбыўся 10—16.10.1923 у Маскве. Асн. задача — абарона інтарэсаў прац. сялянства, уключэнне яго ў рэв. барацьбу пад лозунгам «Сяляне і рабочыя ўсіх краін, яднайцеся!». На чале Сялінтэрна стаяў Савет, які складаўся з прадстаўнікоў сял. арг-цый краін, што ўваходзілі ў С.і. Савет выбіраў пастаянна дзеючы орган — Прэзідыум на чале з ген. сакратаром. Друкаваныя органы: час. «Крестьянский интернационал» і «Международный крестьянский бюллетень». Для тэарэт. вывучэння агр. пытання і сял. руху ў 1926 створаны Міжнар. агр. ін-т. Кіруючыя органы С.і. знаходзіліся ў Маскве.

т. 15, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)